
У Мотальскім музеі народнай творчасці стартаваў творчы праект "Легенды і паданні весак Іванаўскага раёна", дзе прадстаўлены легенды і паданні Іванаўшчыны.
Наша Іванаўшчына багата на легенды і паданні. Ёсць шэраг легенд аб пахаджанні населеных пунктаў, аб утварэнні азёр і з’яўленні розных цудаў. Цяжка знайсці падобныя паданні або легенды, ёсць такія населенныя пункты, дзе зафіксаваны дзесяткі розных сюжэтаў, якія тлумачаць, хто першы тут асеў, дзе было ягонае жыллё, чаму пайшла такая назва. І кожная з іх мае права на жыццё.
Вёска Журавок
Ёсць на Іванашчыне невялікая прыгожая вёска Журавок. Гэтая маляўнічая мясціна раскінулася сярод лясоў, балотаў. Кожную вясну, як толькі сходзіць снег, прылятаюць сюды з трывожным курлыканнем жоравы. Вядзе стаю мудры важак і ніколі не збіваецца з дарогі, таму што цягне, кліча яго душа, якую пакінуў ён тут многа гадоў назад.
А было гэта так. Пасярод балот размясцілася возера. На гэта возера кожны ранак, як толькі сонца румяніла небасвод, прыходзіла маладая прыгажуня-паненка, дачка вяльможнага пана. Яна распраналася, купалася, потым збірала кветкі і слухала шматгалосы птушыны спеў. Аднойчы сярод птушынага перазвону яна пачула курлыканне жураўлёў. Падняла галаву і ўбачыла стройны клін гэтых птушак. Важак стаі аддзяліўся ад яго і спусціўся ля возера статным прыгожым юнаком. Пакахаў жораў дзяўчыну і стаў прылятаць да яе кожны ранак, ператвараўся ў юнака, і яны разам цэлымі днямі гулялі ля возера. Але ня доўга мілаваліся закаханыя. Не выпаў ім лёс застацца на ўсё жыццё разам. Бязвоблачнае неба іх сонечных дзён зацягнула чорнай хмарай. Пачуў пра іх пан і забараніў дачцы выходзіць з замка. Доўга кружыў над возерам жораў, але так і не дачакаўся сваёй каханай. А пад восень паляцеў са стаяй у цеплыя краі.
Праз некаторы час нарадзіўся ў паненачкі хлопчык. Жураўком яго назвалі людзі, бо ведалі, што ён сын таго жорава, што доўгі час прылятаў на возера. З цягам часу і вёску, у якой жыў хлопчык, сталі называць Журавок.